Надо брать псевдоним "Гуща Событий" :) Для мяне сённяшні Марш адзінства — гэта найперш не крэатыўны пратэст і не жорсткія затрыманні, хаця і тое, і другое я бачыў на свае вочы. Для мяне галоўным, што я пабачыў сёння, стала гатовасць людзей адгукнуцца і дапамагчы.
Журналістам сёння дапамагалі ўсе і паўсюль. Улады адключылі мабільны інтэрнэт — ОК, людзі пусцілі мяне ў кватэру, каб я па вай-фаі перадаў у рэдакцыю фота і відэа. Мне падказвалі, куды трэба ісці, і папярэджвалі, куды не трэба. Падсажвалі, каб я залез павышэй і зняў паболей.
Грамадства свядома абараняе сваё права ведаць, што адбываецца. Абараняе свае вочы ад дзяржавы, якая спрабуе іх выкалаць. Гэта абсалютна новы ўзровень самаарганізацыі.
Дзяржаве таксама было б не лішне ведаць, што адбываецца. Але яна выбірае жыць у постпраўдзе, біць дзверы кавярняў і затрымліваць усіх, хто не падабаецца. У тым ліку і журналістаў.
Яшчэ крыху пра асабістае. Пасля стрыму з мітынга #ямыбацек на Камароўцы дзясяткі людзей сёння пазналі мяне. Сябры, скажу шчыра — мне вельмі прыемна. Але я лічыў і працягваю лічыць, што на тым мітынгу проста добра зрабіў журналісцкую працу. Ніякага геройства — я задаваў пытанні і ўважліва слухаў адказы. Вось і ўсё.
Тым не менш, сёння я сфатаграфаваўся з тузіном "фанатаў". Вось маё ўлюбёнае сэлфі з мастачкай Александра Гуща (прабач, Саша, што публікую яго першым). Запомніце мяне такім — у гушчы падзеяў, на фоне кратаў і БЧБ-сцягоў.